ПРЫ́ПЯЦКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых суднаў у ліп. — вер. 1919 на стыку 16-й арміі Зах. фронту з 12-й арміяй Паўд.Зах. фронту. Створана на р. Прыпяць і яе прытоках на базе Прыпяцкага атрада рачных суднаў, папоўнена атрадам ваенных маракоў з Чудской, Латвійскай флатылій і Заходнядзвінскай ваеннай флатыліі і караблямі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Гал. базы — г.Мазыр і ст. Калінкавічы, тылавая — Нароўля, аператыўная — Багрымавічы. У склад флатыліі ўвайшлі 7 узбр. параходаў, 7 мотакатэраў, паравы баркас, некалькі баржаў, Нараўлянская суднарамонтная майстэрня, майстэрні на прыстані Пхоў. У ліп. маракі флатыліі разам з часцямі Чырв. Арміі вызвалілі ад польскіх войск Тураў, у жн. ўдзельнічалі ў стварэнні Мазырскага ўмацаванага раёна. У вер. 1919 вызвалілі Петрыкаў і прадухілілі захоп праціўнікам Мазыра. Пастановай РВС Сав. Расіі ад 27.8.1919 Прыпяцкая флатылія ўключана ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (да 26.9.1919 выконвала самастойныя задачы). Камандуючыя: М.А.Іокіш, П.І.Пашкін (з 10.8.1919), камісар А.М.Кульберг.
І.Я.Краўцоў.
т. 13, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)